Дэкларацыя міру

Мяне завуць Марына Міхальчук і я – беларуска, але перш за ўсё я – чалавек, які хоча з інтарэсам, цікаўнасцю і радасцю пражываць сваё жыццё  ў свеце з маімі сучаснікамі, незалежна ад колеру іх скуры, паходжання, нацыянальнасці і полу.

Не павінна быць такога, каб хворыя на манію велічы палітыкі, сквапныя канцэрны, звар’яцелыя военачальнікі і рэлігійныя фанатыкі надзялялі сябе правам перашкаджаць мне ў гэтым.

Я прынцыпова асуджаю любую форму гвалту, нецярпімасці і дыскрымінацыі і буду дапамагаць кожнаму, каго яны закрануць. Палітыкі, якія знаходзяцца ў палоне кар’ернай сістэмы сваёй партыі, не могуць нічога змяніць, яны могуць толькі спрабаваць навязаць свой сістэмны погляд іншым.

Але МЫ можам нешта змяніць, калі гатовыя да гэтага, калі сапраўды гэтага жадаем! МЫ павінны быць прыкладам для нашых дзяцей, бо менавіта МЫ адказныя за іх будучыню.